Як і тры папярэднія дыскі «Pink Floyd», «The Wall» з’яўляецца канцэптуальным альбомам, які даследуе тэму адчужэння і самаізаляцыі. Па сваёй структуры гэта ― рок-опера, сюжэт якой апавядае пра Пінку (галоўны герой спалучае ў сабе рысы самога Уотэрса і першага лідэра гурта ― Сіда Барэта[en]). Душэўны заняпад Пінка пачынаецца са страты бацькі, які гіне падчас Другой сусветнай вайны, пагаршаецца цкаваннем з боку школьных настаўнікаў і празмернай апекай дэспатычнай маці, а затым крахам яго шлюбу; усё гэта прыводзіць яго да добраахвотнага адчужэньня ад грамадcтва. Сцяна ― сімвал гэтага адчужэння. Па словах Уотэрса, ідэя альбома ўзнікла пасля аднаго з канцэртных выступаў гурта падчас турнэ «In the Flesh Tour[en]» (1977), калі ён, не вытрываўшы выхадак аднаго з фанатаў ля сцэны, плюнуў яму ў твар. У выніку ён настолькі востра перажываў свой учынак, што прадставіў уяўную сцяну паміж сабой і аўдыторыяй.
«The Wall» адрозніваецца ад папярэдніх альбомаў «Pink Floyd» больш жорсткім і тэатральным стылем. Райт быў звольнены на стадыі міксавання[en] альбома, тым не менш, ён выступаў з гуртом падчас наступнага турнэ ў якасці сесійнага музыкі. «The Wall» з’явіўся адным з самых камерцыйна паспяховых альбомаў 1980 года, заняўшы верхні радок некалькіх чартаў, у тым ліку «Billboard»; да 1999 года ў ЗША было прададзена звыш 23 мільёнаў копій, дзякуючы чаму «The Wall» увайшоў у тройку самых прадаваных альбомаў у ЗША[en]. Часопіс «Rolling Stone» змясціў гэты запіс на 87-е месца ў сваім спісе «500 найвялікшых альбомаў усіх часоў[en]».